ГАЗАНАПО́ЎНЕНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

пластмасы, напаўняльнікамі у якіх служыць газ. Адносяцца да дысперсных сістэм тыпу «цвёрдае цела — газ».

Падзяляюцца ўмоўна на пенапласты і парапласты (адпаведна з асобнымі і злучанымі порамі), у залежнасці ад пругкіх характарыстык — на цвёрдыя, паўцвёрдыя і эластычныя. Шчыльн. 20—820 кг/м³, маюць добрыя цепла-, гука- і электраізалюючыя ўласцівасці. Атрымліваюць на аснове любых палімераў, якія ў вязкацякучым стане насычаюць інертным газам ці лёгкакіпячай вадкасцю або змешваюць з цвёрдым газаўтваральнікам. Выкарыстоўваюць для запаўнення шматслаёвых канструкцый, цеплаізаляцыі халадзільных установак, вытв-сці плывучых сродкаў, у якасці фільтраў для газу і вадкасцей, як амартызацыйны матэрыял (напр., у вытв-сці мэблі).

Літ.:

Тараканов О.Г., Шамов М.В., Альперн В.Д. Наполненные пенопласты. М., 1989.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)